Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

17.12.2021

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, які прайшоў       з 13 па 18 снежня 2021 года.

Дэвіз:

Магчыма, гэта і не нова,

Што слова – зерне на сяўбе,

А хто не любіць роднай мовы,

Той любіць толькі сам сябе.

С.Грахоўскі

На працягу першага дня падрыхтаваныя вучні ў нацыянальным адзенні наведвалі вучнёўскія класы, дзе тыя спаборнічалі  ў веданні беларускіх прыказак і прымавак.

А яшчэ нельга было прайсці міма інфармацыйнага стэнда  “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая”, які працаваў на працягу ўсяго Тыдня, як і  выставы “Пісьменнікам-юбілярам прысвячаецца…” ў бібліятэцы, як і акцыі “Размаўляй па-беларуску”.

 

У аўторак была праведзена інтэрактыўная гульня “Знаўцы роднай мовы”. Цікава было і дзецям,  і дарослым адгадваць, з чаго гатуюць ежу беларусы, што яны апранаюць, якім парфумам карыстаюцца. А калі на выхадзе яшчэ і вынеслі пару арыгінальных беларускіх слоў, данеслі іх дадому, расказалі бацькам, то, напэўна,  запомнілі, што мы – БЕЛАРУСЫ. Што мы – самабытны,  таленавіты народ.

Не менш запамінальным было мерапрыемства, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Гэта літаратурна-музыкальная кампазіцыя “І сёння свеціць Максімава зорка над намі”. Былі пачуты адказы на пытанні: хто ж гэты пісьменнік, паэт, сцэнарыст… Адкрывальнік Беларусі, яе вялікі Патрыёт? Чытаць, адкрываць, слухаць музыку, устанавіць сабе на тэлефон песні на вершы Багдановіча – усё гэта было магчыма на мерапрыемстве

 

Вельмі актыўна вучні ўдзельнічалі ў квэст-гульні “Пагуляем у роднае слова”. Вучні вандравалі па розных моўных і літаратурных прыпынках, удзельнічалі ў віктарыне, збіралі прыказкі, чыталі вершы. Усе вучні атрымалі шмат карыснай інфармацыі. Было вельмі цікава.  Вельмі парадавала, что вучні нашай школы знаёмы з многімі творамі беларускіх пісьменнікаў і нават могуць іх цытаваць. Каманды вельмі захапіліся выкананнем цікавых разнастайных заданняў, прымалі самы актыўны ўдзел у гульні, праявілі кемлівасць, паказалі свой слоўнікавы запас, а многія пашырылі яго.

На Тыдні беларускай мовы і літаратуры былі праведзены адкрытыя вучэбныя заняткі па беларускай мове: “Складаныя сказы з двума галоўнымі членамі ў кожнай частцы” ў  5 класе (Сачкоўская Л.І) і “Складаназалежныя сказы з паслядоўным, сузалежным і змешаным падпарадкаваннем частак” у 9 класе (Кліменка М.М.).

У школе таксама былі арганізаваны відэапрагляд абраду “Выпечка вясельнага каравая”  і конкурс “Мой сшытак – мой твар”.

Шмат адкрыццяў зрабілі для сябе вучні ў час мерапрыемстваў. І Вы, калі ласка, зрабіце адкрыццё, якое зрабіў нам, беларусам, пісьменнік Караткевіч: “ На Беларусі Бог жыве. І давеку няхай жыве!” І ў нас ёсць усё, каб шчаслівымі быць!